Кафісма 14
Псалом 101
Малітва беднага, калі ён у турбоце, І да Бога ўзносіць маленне свае.
Божа, пачуй маленне мае, Да данясецца да Цябе плач мой.
Не адварочвай твар Твой ад мяне, і ў дзень скрухі маёй дахілі вуха Твае, У дзень, калі заклічу да Цябе, паспяшай пачуць мяне.
Бо знікаюць, як дым, дні мае, І косці мае, як сухія галіны, пасохлі.
Як падкошаная трава, і сэрца мае ссохлася, Што нават хлеб мой пазабыў есці.
Ад усечасных стогнаў маіх Прысталі да плоці косці мае.
Зрабіўся быццам пелікан ў пустэльні, Быў быццам сыч на зруйнаванні.
Не спаў уноччы І быў, як птушка самотная на даху.
Цэлы дзень абражалі мяне ворагі мае, І тыя, хто хваліў мяне раней, клянуцца мной.
Як хлеб попел еў І са слязьмі піў пітво сваё.
Ад твару гневу Твайго і лютасці Тваёй, Бо ты ўзнёс мяне і зрынуў.
Дні мае знікаюць як цень, І я сам як сена ссохлае.
Ты ж, Божа, вечны І памяць пра Цябе ад роду да роду.
Ты, паўстань і ушчодры Сіён, Бо прыйшоў час ушчодрыць яго.
Бо рабы Твае палюбілі камяні ягоныя І нават пыл яго дарагі для сэрцаў іх.
І пава́жаць народы імя Твае, І ўсе цары зямныя — славу Тваю.
Бо ўзвядзе Бог Сіён І з’явіцца ў славе Сваёй.
Пачуе маленне прыгнечаных І не забудзе пра малітвы іхнія.
І раскажуць пра гэта роду наступнаму, І наступны род усхваліць Цябе.
Бо дахіліўся з вышыні Сваёй святыя І з Неба на зямлю ўвагу звярнуў.
Пачуў стогны вязняў І вызваліў дзяцей забітых бацькоў.
Узвесцяць імя Божае ў Сіёне І пахвалу Яго ў Ерусаліме.
Калі збяруцца людзі з царамі разам, Каб паслужыць Богу.
Адказваў Яму на Яго шляху дужага, Запытваў, колькі дзён мне засталося?
Не забірай мяне на палове дзён маіх, Ад роду да роду гады Твае.
Спачатку Ты, Божа, зямлю заснаваў, І неба — справа рук Тваіх.
Яны загінуць, а Ты будзеш вечна, Усё быццам рыза спарахнее, як вопратку звернеш гэта і пераменяцца.
Але Ты той жа, І не скончацца гады Твае .
Сыны рабоў Тваіх узвяселяцца, І род іхні навекі выправіцца.
Псалом 102
Псалом Давіда.
Дабраславі, душа мая, Бога, Усім сэрцам імя святое Яго.
Дабраславі, душа мая, Бога, І не забывай усіх дабрадзеянняў Яго.
Даруючага ўсе бяззаконні Твае, Ацаляючага ўсе немачы Твае.
Вызваляючага ад смерці жыццё твае, Вянчаючага цябе дабротамі і шчадротамі.
Выконваючага ўсе добрыя пажаданні твае, Звернецца арлянём юнацтва твае.
Робіць міласціну Бог І суд для ўсіх пакрыўджаных.
Казаў шляхі Свае Маісею, Сынам Ізраіля ўсе жаданні Свае.
Шчодры і Міласэрны Бог, Шматцярпялівы і Шматміласны.
Не навечна ўгневаецца, Не вечна абураецца.
Не паводле бяззаконняў сатварыў нам, Не паводле грахам нашым аддаў нам.
Як высока неба над зямлёю, Так вялікая дабрыня Яго да ўсіх багабаязных.
Як далёка ўзыход ад заходу, Так падаліў ад нас бяззаконні нашы.
Як бацька шчодры да сына свайго, Так Госпад шчодры да багабаязных.
Бо ведае сутнасць нашу, Ведае, што попел мы.
Чалавек, дні яго як трава, Як кветкі палявыя адквітнеюць.
Дух яго пройдзе ў ім і не стане, І не знойдуць месца яго.
Міласэрнасць жа Божая ад веку І да веку на багабаязных.
І праўда Яго на сынах сыноў, што захавалі запавет Ягоны, І што памятаюць загады Яго, каб выконваць іх.
Бог на Небе прыгатаваў прастол Свой, І царства Яго над усім валадарыць.
Дабраслаўце Бога, усе Анёлы Яго, дужыя і моцныя, Творачыя загады Яго, пачуйце голас слоў Ягоных.
Пачуйце Бога, усе сілы Яго, Службіты Яго, творачыя волю Яго.
Дабраславі Бога, усё створанае Ім. На ўсялякім месцы валадарства Яго дабраславі, душа мая, Бога!
Псалом 103
Псалом Давіда пра быццё свету.
Дабраславі, душа мая, Бога! Божа, Божа мой, узвышаны вельмі, славай і прыгажосцю апрануты.
Апрануты святлом, як рызаю, Неба раскінуў, як шацёр.
Узняў воды ў вышыню неба, Паклаў хмары для ўзыходжання Сабе, крочыш па крылам паветраным.
Сатварыў Анёлаў Сваіх духаў, І службітаў Сваіх полымя палымянае.
Заснаваў зямлю на цвёрдай выснове — Не нахіліцца ад веку і да веку.
Бездань, як рыза, апранае яе. На гарах воды стаяць.
Вадаспадамі зрынуцца ад поклічу Твайго, Ад грома голаса Твайго затрапечуць.
Сойдуць з гор і зыйдуць ў даліны, Дзе загадаў месца для іх.
Паклаў межы для іх, якія не пяройдуць І не звернуцца затапіць зямлю.
Ты паслаў плыні водныя ў даліны, Пасярод гор воды цякуць.
Пояць усіх звярэй палявых, Спатольваюць аслы смагу сваю.
Каля іх жывуць птушкі нябесныя, Сярод камянёў галосяць.
Напояцца горы з вышынь Тваіх, Справамі Тваімі насычаецца зямля.
Росціш траву для скатоў і злакі для службітаў чалавека, Ўздымаеш хлеб ад зямлі.
І віно вясяліць сэрца чалавека, Алеем умасціць твар свой, і хлеб сэрца чалавека ўмацуе.
Насыцяцца дрэвы сярод палёў, Кедры ліванскія, што насадзіў Ты.
На іх птушкі гнёзды свае зробяць, Сялібы буслоў узносяцца над імі.
Горы высокія казулям, Каменні ў прытулак для трусоў.
Месяц сатварыў дзеля часу, Сонцу паклаў заход ягоны.
Паклаў цемру і зрабілася ноч — Час для звяроў лясных.
Ільвы рыкаюць аб здабычы І шукаюць ад Бога ежу сабе.
Як заззяе сонца, яны звернуцца, І палягуць у логавах сваіх.
Выйдзе чалавек на справы свае, І на працу сваю да вечара.
Якія вялікія справы Твае Божа! Усё шматмудра сатварыў, напоўнілася зямля сатвораным Табою.
Вось мора вялізнае і шырокае, Ў ім гады, якім пераліку няма, жывёлы вялікія і малыя.
Тут караблі плаваюць І кіт, што сатварыў гуляецца тут.
Ўсе Цябе прагнуць, Бо даеш ім ежу пад час спрыяльны.
Калі падаеш ім — прымаюць, Калі адчыніш далонь Сваю — дабром напаўняюцца.
Калі адвяртаеш твар Свой — палохаюцца, Калі аднімеш дух іх — паміраюць і звяртаюцца ў зямлю сваю.
Паслеш Дух Свой — і сатворацца, І аднавіцца твар зямны.
Будзі слава Божая вечна! Узвясяліцца Бог справамі Сваімі.
Зірне на зямлю і — сатрасецца, Дакранецца да гор і — задымяцца.
Буду спяваць Богу ўсё жыццё свае, Буду спяваць Яму пакуль жыву.
Да будзе асалодай яму гутарка мая, Буду вясяліцца пра Бога.
Да пазнікаюць грэшныя з твару зямнога, І бязбожных няхай не стане. Дабраславі, душа мая, Бога!
Псалом 104
Алелюйя.
Слаўце Бога і заклікайце імя Яго, Узвяшчайце народам справы Ягоныя.
Успойце Яму і спявайце Яму, Паведайце ўсе цуды Ягоныя.
Хваліцеся святым імем Ягоным, Да вясяліцца сэрца шукаючых Госпада.
Шукайце Бога і ўмацуецеся, Заўсёды шукайце Твар Ягоны.
Прыгадайце дзівы Яго, што сатварыў, Цуды Яго і наказы вуснаў Яго.
Семя Аўрама — рабы Ягоныя, Сыны Якаўлева — выбраныя Яго.
Ён Уладар Бог наш, Па ўсёй зямлі суд Ягоны.
Вечна памятае запавет Свой, Слова, што запаведаў тысячам радоў.
Што Аўраму запаведаў І ў чым прысягаў Ісаку.
І паставіў тое Якаву законам, І Ізраілю запаветам вечным, кажучы:
«Табе дам зямлю Ханаанскую Надзел і спадчыну тваю».
Калі яны былі яшчэ колькасцю малой І толькі чужынцамі тут.
І пераходзілі ад народу да народу, І ад царства да царства.
І не даваў людзям крыўдзіць іх, І дзеля іх выкрываў цароў.
«Не чапайце памазаных маіх, І прарокам маім не рабіце шкоды».
І заклікаў голад на зямлю — І жытні колас людзей не мацаваў.
Паслаў перад імі чалавека — Праданы Іёсіф быў у рабы.
Акавалі кандаламі ногі яму, Жалеза акавала душу ягоную,
Пакуль не спраўдзілася слова Божае, Пакуль слова Божае не з’явілася яму.
Нагадаў цар і развязалі яго, Пан чалавечы вызваліў яго.
Зрабіў яго гаспадаром дома свайго І панам усяго багацця свайго.
Каб навучаць паноў таму, што ведаў, І старцаў навучаць мудрасці.
І прыйшоў Ізраіль у Егіпет, І Якаў прыйшоў у зямлю Хамаву.
І памножыў людзей Сваіх вельмі, І ўмацаваў болей ворагаў іх.
Абудзіў у сэрцы нянавісць да людзей Сваіх І хітрасць сатварыць супраць рабоў Сваіх.
Паслаў Майсея, раба Свайго, І Аарона, што выбраў Сабе.
Паведаў ім слова пра зазнакі І цуды Свае ў зямлі Хамавай.
Паслаў цемру і змрок, Бо не паверылі словам Яго.
Ператварыў воды іх у кроў, І знікла рыба ўся.
Закіпела жабамі зямля іх І засекі царскія.
Сказаў, і з’явіліся песьі мухі І осы ва ўсе межы іх.
Замест дажджоў паслаў град І маланкі зямлю папаляючыя,
І знішчыў вінаград іх і змоквы, І пакрышыў усе дрэвы іх.
Казаў, і прыйшла вусень І саранча безліч,
І паела ўсю траву на зямлі той, І ўсялякі плён на зямлі іх.
І забіў кожнага першынца на зямлі іх І кожны начатак працы іх.
І вывеў іх з срэбрам і золатам, І не было сярод іх хворых.
Узрадаваўся Егіпет, калі пайшлі яны, Бо вялікі страх найшоў на іх.
Раскінуў хмару быццам пакрывала над імі І даў полымя ім, што свяціла ім ноччу.
Прасілі, і перапёлак даў ім, І хлебам нябесным насычаў іх.
Адчыніў камень і пацякла вада, Пацякла вада ў бязводнай пустэльні.
Бо ўзгадаў слова святое Свае, Што Аўрааму даў.
І вывеў людзей Сваіх у радасці, І выбраных Сваіх у вясялосці.
І даў ім краіны паганскія, І яны спадкалі ўсё зробленае тымі.
Каб захавалі наказы Яго І закон Ягоны выконвалі.
Last updated