Кафісма 2
Псалом 9
Кіроўцу хору. Аб смерці Лабэна. Псалом Давіда.
Буду славіць Цябе, Божа, ад усяго сэрца майго, Паведаю ўсе справы Твае.
Буду вясяліцца і радавацца пра Цябе, Пеці імя Твае, Вышні.
Калі ворагі мае звярнуліся назад, То падуць і загінуць перад тварам Тваім.
Бо Ты сеў на Прастол, Судзя правядны, Прайзвесці суд мой і цяжбу маю.
Угневаўся на народы, і знішчыў бязбожнага, Імя ягонае панішчыў навек і векі вечныя.
У ворага зброі не засталося зусім, І гарады Ты парушыў яго, і памяць аб ім з вэрхалам знікла.
Бог жа будзе навекі, Прыгатаваў Прастол Свой дзеля суда.
Па праўдзе судзіць будзе свет, Судзіць людзей па справядлівасці.
Стаў Госпад прытулкам для беднага, Паплечнікам і ў дабрабыце, і ў бядзе.
І спадзяюцца на Цябе ўсе ведаючыя імя Твае, І Ты не пакінеш шукаючых Цябе, Божа.
Спявайце Богу, што жыве на Сіёне, Паведайце народам усе спачыны Яго.
Бог не забыў пралітай крыві, Не забыў стогну прыгнечаных.
Угледзі мяне, Божа, бач пакуты мае ад непрыяцеляў маіх, Ратуй мяне ад смяротныя брамы.
І ўслаўлю Цябе перад брамай дачцы Сіёна, Парадуюся уратаванні Твайму.
Уваліліся народы ў яму, што самі капалі, У сеткі, што самі стварылі, папалася нага іх.
Пазнаецца Бог па суду, які творыць: У справах рук сваіх пагрузне грэшны.
Да звернуцца бязбожнікі ў пекла, Усе людзі, што пазабылі Бога.
Бо не назаўсёды забыты бедны, Цярпенне ўбогіх не загіне навечна.
Паўстані, Божа, да не ўзвышаецца чалавек, Да асудзяцца людзі перад тварам Тваім.
Дай ім, Божа, закон над імі, Да зразумеюць, што чалавекі яны.
Навошта ўдалечы стаў, Божа, І ня бачыш дабрачасу і смутку?
Узносіцца ганарлiвы над бедным, І блытаецца бедны ў падкопах супраць яго.
Пахваляецца бязбожны пахацьмі душы сваёй, І крыўдзіцяля славяць усе.
Не заўважае Бога грэшны: «Не спагоніць у гневе Сваім», — Няма Святога перад вачыма яго.
На бязбожным шляху кожны дзень, Усё далей і далей ад судоў Божых, ворагаў сваіх усіх перамог.
Кажа сабе ў сэрцы сваім: «Ад роду да роду не буду мець лiха».
Праклёны заўсёды на вуснах ягоных, Хлусня і няпраўда, смерць і хвароба ад яго языка.
За непавінным пільнуе з багатымі, Падглядае вачыма сваімі ахвяру.
Раптоўна кідаецца, як з логава леў, Сцеражэ беднага, каб зацягнуць у сеці свае.
Нахіліцца, наляжа — І нявінны ў лапах яго.
Гаворыць у сэрцы сваім: «Ня бачыць Бог, Заплюшчыў вочы Свае, каб не глядзець».
Паўстані, Божа! Уздымі руку Сваю! Не пакінь убогіх Тваіх назаўсёды!
Навошта гнявіць грэшны Бога? Кажа сабе: «Не спагоніць».
Глядзіш, Божа, на крыўду і гнёт, каб адпомсціць рукою Сваёй. У руцы Твае аддае сябе бедны, сіраму Ты Дапаможца.
Знішч сілу грэшнага і ашуканца, Знойдзецца грэх ягоны, а сам ён знікне.
Бог Цар на векі і векі вечныя, Згінуць паганцы з твару зямнога.
Пачуў Бог маленні ўбогіх, Вуха Яго ўспрыяла іх сэрцаў жаданні.
Ствары суд сірым і бедным, Да не ўзвысяцца ганарлівыя на зямлі.
Псалом 10
Кіроўцу хору. Псалом Давіда.
На Бога спадзяюся, і што кажаце мне: «Ляці птушкай у горы».
Падрыхтавалі грэшныя лукі свае, паклалі стрэлы на цеціву, Каб страляць у цемры ў правыя сэрцам.
Яны парушылі ўсё, што Ты сатварыў, І што зрабіў правядны?
Бог у храме святым Сваім.
Неба — Ягоны Прастол, вочы Яго беднага даглядаюць, Вочы Яго выпрабуюць сыноў чалавечых.
Бог выпрабуе правяднага і бязбожнага, Хто любіць крыўду, той ўзненавідзіць сваё жыццё.
Дажджом пральецца на бязбожных вугллле і сера, І вецер палымяны — доля іх.
Бог правядны і любіць праўду, Да правядных звяртае твар Свой.
Псалом 11
Кіроўцу хору. На васьміструнавых прыладах. Псалом Давіда.
Барані мяне, Божа, бо не засталося правядных, Бо не засталося праўды сярод сыноў чалавечых.
Хлусяць адзін аднаму, вусны ліслівасці поўныя, У сэрцы ж нянавісць і злаба.
Зачыніць Бог вусны хлуслівыя, Вусны напыслівыя.
Што гавораць:«Языком узвысім сябе, Мы — спадары вуснам сваім, хто нам Валадар?»
«Пакут дзеля бедных і ўздыхненняў убогіх паўстану, — Бог кажа,— Стану ім ратаваннем, не адвярнуся ад іх».
Словы Божыя — словы чыстыя, Як срэбра ў горне пачышчанае ад зямлі, сем разоў пераплаўленае.
Ты, Божа, абароніш нас І захаваешы нас ад роду гэтага ў век.
Вакол таўкуцца бязбожныя, Па вышыні Сваёй памножыў любоў да сыноў чалавечых.
Псалом 12
Кіроўцу хору. Псалом Давіда.
Навошта забыўся пра мяне, Божа? Навошта Свой твар ад мяне адвярнуў?
Даколі мне складаць скруху ў душы маёй, Смутак у сэрцы маім дзень і ноч?
Даколі будзе вораг мой Узносіцца нада мной?
Убач, пачуй мяне, Божа, Вочы мае прасвяці, да не калі засну ў смерць.
Да не калі мне кажа вораг: «Пераадолеў яго».
Супастаты мае ўзрадуюцца, Калі пахіснуся я.
Я ж на міласэрнасць Тваю спадзяюся, узрадуецца сэрца мае аб ратаванні Тваім, Стану пець Богу, дабрадзеячаму мне, спяваць імя Бога Вышняга.
Псалом 13
Кіроўцу хору. Псалом Давіда.
Кажа сабе звар’яцелы ў сэрцы сваім:«Бога няма». Робяць паскудныя і агідныя справы, добрага не робіць ніхто.
Бог паглядзеў з Неба на сыноў чалавечых, Паглядзеў, ці шукае хто-небудзь Яго.
Ўсе паўхіляліся, здольных нікога няма, Няма тых, хто творыць дабро, няма аніводнага.
Ці прыйдуць ў розум усе ліхадзеі, Снедаючыя людзьмі, як тым хлебам, іБога не заклікаючыя?
Там напалохаюцца, дзе страху няма, Бо Бог сярод правядных.
Смяяліся над вераю сірага, Бог жа надзея для кожнага беднага.
Хто дасць ад Сіёна ратаванне Ізраілю?
Калі вызваліць Бог з палону людзей сваіх, Узрадуецца Якаў, і ўзвясяліцца Ізраіль.
Псалом 14
Кіроўцу хору. Псалом Давіда.
Божа, хто пражывае ў пакоях Тваіх? Ці хто заселіцца на святую гору Тваю?
Той, хто беззаганны і робіць праўду, Хто гаворыць ісціну ад сэрца свайго.
Хто не ліслівіць сваім языком і не творыць людзям ліха, І ганьбавання не прымае на блізкага свайго.
Нікчэмны перад ім усякі манлівы, а богабаязны заўсёды ў гонары. Прысягу сваю хто трымае і не адмаўляецца.
Хто срэбра ў лiхву не дае, і хто не бярэ супраць бедных хабар. Той, хто так робіць, не пахiснецца ніколі.
Псалом 15
Псалом Давіда.
Харані мяне, Божа, Бо на Цябе спадзяюся.
Богу кажу: «Ты Бог мой, І Табе не патрэбны ахвяры маі».
У святых жа Сваіх на Зямлі Дзіўна хацення Сваі расчынніў.
Памножыся смутак іх, але хутка скончыўся. Не дзеля крывавых ахвяр сабяру людзей, ні вуснамі ўзгадаю назвы іхнія.
Бог — частка набытку майго і долі маёй. Ты ўчыняеш спадчыну мне.
Межы пакладзены ўтрымання майго, І спадчына мая належыць мне.
Дабраслаўлю Бога, што навучае мяне, Прасвячае і ноччу сутнасць маю.
Прадбачу Бога заўсёды перад сабою — Госпад паўсюды са мной, не пахіснуся.
І ад таго вясяліцца сэрца мае, і радуецца язык мой, Нават плоць мая супакоілася ў спадзяванні.
Бо Ты не пакінеш душы май у пекле, І не дасі ўбачыць святому Твайму тлёну.
Ты павёў мяне шляхам жыцця, Напоўніў радасцю перад тварам Тваім, і асалодаю — з далоняў Тваіх.
Псалом 16
Маленне Давіда.
Паслухай Божа праўду маю, пачуй маленне мае, Прымі прашэнне мае не ад манлiвых вуснаў.
Перад тварам Тваім няхай адбудзецца суд мне, І вочы мае ўбачаць справядлівасць.
Ты зведаў сэрца мае, наведаў ноччу, Выпрабаваў мяне і не ўбачыў няпраўду ў мяне.
Маўчаць вусны мае пра справы рук чалавечых, Дзеля слоў Тваіх хадзіў я шляхам цяжкім.
Умацуй ногі мае на шляхах Тваіх, Ногі мае да не пахіснуцца.
Усклікаю да Цябе, і пачуў мяне, Божа, Прыхіліў вуха Твае да мяне і пачуў словы мае.
Дзівосна міласэрнасць Твая, ты ратуеш усіх, хто спадзяецца на Цябе, Ад рук супраціўных волі Тваёй.
Беражы мяне, Божа, як зрэнку вока, Схарані мяне ў цені крылаў Тваі.
Ад бязбожных, што пагарджаюць мною, Што з усіх бакоў абышлі мяне.
Тлустыя сэрцам яны І гавораць з пагардаю.
Ганіцелі мае абступілі мяне, Паглядаюць, каб нізрынуць мяне да зямлі.
Прыгатаваліся, што леў, захапіць мяне, Як ільвя прытаіліся ў схованцы.
Паўстані, Божа, і папярэдзі іх, затрымай іх і збаві душу маю ад бязбожных, Мячом Тваім — ад ворагаў волі Тваёй.
Божа, аддзялі малых ад людзей зямных, чыё жыццё ты напоўнім скарбам Сваім, Напоўніў чэрава іх, што засталося сынам і нават рэшткі — ўнукам іхнім.
Ая я ў праўдзе з’яўлюся перад Табою, І насычуся, калі Ты з’явішся ў славе Сваёй.
Last updated